Home

Advertisement

Каліноўскі

29 лістапада 2008 году ў вёсцы Плябань Менскай вобласьці адбылося перапахаваньне зямлі з брацкай магілы 15 паўстанцаў 1863 году ў Вільні, сярод якіх быў Кастусь Каліноўскі. Месца разьмешчаньня брацкай магілы было вызначанае паводле архіўных зьвестак. Жменя зямлі з магілы была прывезеная ў Беларусь, каб годна перапахаваць яе ў месцы шанаваньня нашых герояў - Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863 г. Галоўнымі крытэрамі пры выбары такога месца былі :

-                           гістарычная датычнасьць абранага месца да падзеяў паўстаньня;

-                           наяўнасьць менавіта брацкай магілы ўдзельнікаў паўстаньня;

-                           лёгкадаступнасьць да магілы для любога чалавека, нават незнаёмага зь мясцовасьцю.

Такім чынам, было абранае мястэчка Плябань (Маладэчанскі раён Менскай вобласьці, чыг. прыпынак Ласі). Тут, на зарослым пагорку спачываюць змагары з атраду Юльляна Бакшанскага, якія загінулі ў няроўным баі ля вёскі Сьвечкі.


 

брацкая магіла паўстанцаў у вёсцы Плябань да перапахаваньня

Падрабязьней пра перахаваньне + фота )

Пытаньні і адказы

  • Nov. 26th, 2012 at 12:00 AM
Каліноўскі
Прадбачачы надалей гарачую палеміку і пытаньні наконт перапахаваньня зямлі з магілы Кастуся Каліноўскага, імкнуся задаць некаторыя зь іх сам сабе і сам жа сабе на іх адказаць.
Ці адпавядае гэты акт беларускай традыцыі? )

 

Ці можна разбурыць брацкую магілу? )

 

Ці можна цяпер лічыць, што магілы Каліноўскага ў Вільні больш не існуе? )
Як дабрацца да могілак? )

 Даўняя несправядлівасьць, калі нашыя сыны і браты, аддаючы свае жыцьці за нашую з Вамі лепшую будучыню, заставаліся ляжаць бяз годнага помніку, часам, у чужое зямлі і былі забытыя, прынамсі, датычна хаця б гэтых 15-ці герояў вырашылася.

Прыйдзе час і кожны з удзельнікаў таго і іншых паўстаньняў атрымае сваё месца пад цёплым беларускім сонцам. Але пакуль, не пашкадуйце часу, прыедзьце ў старасьвецкую вёску Плябань, дзе стаіць былы касьцёл, адабраны царскімі ўладамі за тое, што ў ім перахоўвалася паўстанцкая зброя, дзе ў будынку старое плябані месьціцца гэтак і не завершаны музэй Беларускага Паўстанцкага Руху, чый лёс па сёньня ня вырашаны, дзе ў зарослым пагорку ляжаць тыя, хто не пабачыў, як будуць расьці іхныя дзеці, або нават ня змог мець дзяцей, і ўсё дзеля аднаго – дзеля нашага шчасьця і свабоды.


тое самае перарыжаваньне, той самы касьцёл

У плянах:

- даць кароткія біяграфічныя зьвесткі пра Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага, Юльляна Бакшанскага і іншых.

- апісаць апошнія дні жыцьця і змаганьня Каліноўскага.

- правесьці віртуальную экскурсыю па віленскіх месцах, якія памятаюць Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстаньня 1863 году.




Марыя і Канстанцін

  • Jan. 3rd, 2009 at 3:45 PM
Каліноўскі
Самая значная асоба XIX стагоддзя ў нашай гісторыі – Канстанцін Каліноўскі. Змагар, незвычайна адораны і ініцыятыўны чалавек, ён сапраўднай каметай узляцеў у застылую беларускую рэчаіснасць і пакінуў незагаслы след.
Абранніцай Кастуся Каліноўскага была Марыя Ямант, ураджэнка Вільні. Бацька яе – Тадэвуш Ямант – меў чын надворнага саветніка, таму мог даць сваім дзецям добрую адукацыю. Марыя валодала некалькімі замежнымі мовамі, закончыла прыватны пансіён, які даў ёй грунтоўныя веды ў галіне гісторыі і літаратуры.

Пазнаёміліся Канстанцін і Марыя ў пачатку 1861 года ў Вільні на кватэры Ямантаў. Звёў іх разаі брат Марыі – Юзаф. Ён на два гады пазней за Кастуся паступіў у Пецярбургскі універсітэт, належаў да кіраўнічай групоўкі студэнцкага зямляцтва “Агул”, куды ўваходзіла ўніверсітэцкая моладзь з Літвы, Беларусі, Польшчы і Украіны. Юзаф вылучаўся сярод сваіх аднагодкаў і рэвалюцыйнымі поглядамі, чым звярнуў на сябе ўвагу Канстанціна Каліноўскага. Яны глыбока паважалі адзін аднаго, што перарасло потым у моцнае сяброўства. Калі на пачатку 1861 года Каліноўскі паехаў на радзіму, каб узяць удзел у рэвалюцыйным руху, Юзаф, не скончыўшы яшчэ вучобу, кідае ўсё і кіруецца за сябрам. Каліноўскаму не было дзе спыніцца ў Вільні, і ён з ахвотаю адгукнуўся на прапанову сябра пажыць у яго. Тут ён і сустрэўся з Марыяй, першы раз яго вочы спаткаліся з яе позіркам і, напэўна, заіскрыліся. Гэта было каханне з першага позірку, якое асвятляла ўсё іх пазасталае жыццё.

Па прыездзе ў Вільню Каліноўскі спрабаваў легалізавацца, уладкаваўшыся на працу ў адміністрацыю віленскага губернатара Назімава, каб потым спакойна распачаць дзейнасць па стварэнні канспіратыўных групаў. Відаць, Каліноўскі хацеў застацца ў Вільні не толькі з-за патрэб рэвалюцыйнай барацьбы, але і з-за Марыі, якую б ён змог кожны дзень бачыць. Каханне прымушала яго шукаць прычыны, якія б давалі магчымасць быць непадалёк ад сваёй мілай. Аднак атрымаць месца, нават зважаючы на пратэкцыі сяброў. Кастусю не ўдалося. Каханыя вымушаны былі разлучыцца, бо Канстанцін паехаў да бацькоў у Гродзенскую губерню. Растанне ж тоькі гартавала іх пачуцці. Каліноўскі часта наведваўся ў Вільню і, відаць, не толькі па справах паўстання. Там ён кожны раз бачыўся з Марыяй, сапраўды не мог нацешыцца сваёю прысухаю. Канстанцін і Марыя не дазвалялі вонкі паказвацца пачуццям, але ў іх жарсці бушавалі. Заручыны адбыліся ці ў канцы 1861, ці ў самым пачатку 1862 года. На іх прысутнічалі бацькі абодвух нарачоных. Жаніх падараваў сваёй выбранай пярсцёнак, а ўсім яе родным мусіў зрабіць каштоўныя прэзенты.

3 чэрвеня 1863 года на кватэры Ямантаў паўстала адна з галоўных канспіратыўных явак Каліноўскага. Па сутнасці, ён жыў там, сустракаўся з паплечнікамі па барацьбе, праводзіў нарады з кіраўнікамі рэвалюцыйнага ўрада. Усе сёстры Ямант – Людвіка, Марыя, Алена, непаўналетняя Схаластыка, названая ў гонар маці, - далучыліся да дзейнасці нелегальнага жаночага рэвалюцыйнага камітэта Вільні. Сталыя жанчыны і зусім маладыя дзяўчаты захоўвалі і распаўсюджвалі нелегальную літаратуру, збіралі сродкі, правіянт, зброю для інсургентаў, хавалі паўстанцкія друкарні, разносілі пошту, перадавалі арыштаваным ежу, бялізну. Жанчыны былі пасвячоныя ва ўсе таямніцы паўстання, але захавалі іх у гадзіну самых ліхіх выпрабаванняў і панеслі з сабою ў магілу. Марыя і Канстанцін з галавой былі ў справе свайго жыцця.

Магчыма, нашы героі ўжо хутка пабраліся б, але на іх шляху лёс паставіў перашкоду – нечаканы арышт Кастуся ў самым пачатку 1864 года. Арыштавана была і Марыя. Гэтыя падзеі апісала Людвіка Радзевіч, сястра Марыі: “Аднойчы раніцай я была разбуджана весткай, што ноччу зграя жандармаў нечакана з’явілася ў доме маіх бацькоў і пасля пільнага вобыску ўсіх, хто быў там, пачынаючы ад брата Юзафа, арыштавалі, а дом апячаталі. Забралі бацьку і маці, людзей паджылых, вядомых і паважаных у горадзе, тры сястры: Марыю, Алену і Схаластыку (яшчэ непаўнагадовую), а таксама служанку Карусю”. Канстанцін як натура высакародная адводзіў падазрэнне з сям’і Ямантаў, як толькі мог, але выбаыіць каханую і яе сям’ю му не ўдалося. Застаецца толькі ўяўляць, які боль ён перажываў у тыя хвіліны. Трагізм для закаханых заключаўся яшчэ і ў тым, што яны былі пасаджаны за краты ў суседнія будынкі. Каліноўскі знаходзіўся ў мурах былога дамініканскага кляштара, а Марыя была зняволена ў былыя кляштары місіянераў. Дзве турмы выходзілі вокнамі на адзін турэмны двор. Напэўна, нашы героі не раз выглядвалі ў вузкія аконцы, каб хоць адным вокам зірнуць на месца зняволення дарагога чалавека. Іх не пакідала надзея: а раптам пашчасціць пабачыць дарагія мне вочы! Але Святы Валянцін, апякун усіх закаханых, не пакінуў маладую пару сам-насам з бядою, а накіраваў да іх з місіяй сваю пасланніцу. Ёй стала цётка Марыі з боку маці – Ядвіга Макрыцкая, шляхцянка з Ашмянскага павету. “Жанчына элегантная, немаладая, адукаваная, у сціплым, без прэтэнзій на асаблівую вытанчанасць, адзенні – яна, дзякуючы цудоўным манерам і добраму выхаванню, заўсёды знаходзіла магчымасць пракладваць шляхі там, дзе іншыя не маглі падступіцца. Яе сэрца заўсёды рвалася на дапамогу гэтым асуджаным людзям, нават тым, з якімі яна была ледзь знаёмая”, - так характарызуе яе Людвіка Радзевіч. Яна цудам, там, дзе іншых напаткаў бы пераслед, змагла дабіцца спаткання з Каліноўскім, а потым і з Марыяй. Крышку пазней Ядвіга Макрыцкая шляхам хабару і подкупаў наладзіла нават перапіску між нарачонымі. Праз яе Канстанцін змог дасылаць Марыі невялікія лісты. Яны сапраўды былі важнай падтрымкай, былі глятком жывой вады для знявечанай душы Марыі.

Лісты да Марыі )

22 сакавіка 1864 года Кастуся Каліноўскага раніцою прывялі на Лукішскую плошчу ў Вільні, каб здзейсніць нялюдскі прыгавор. Так распавядае пра гэту падзею І. Нікоцін: “Я не адважыўся пайсці паглядзець на гэта ўзрушальнае відовішча, але тыя, хто там быў, расказвалі, што Каліноўскі быў бландзін, з рэзкімі, хоць і досыць выразнымі рысамі твару; ішоў на пакаранне смелаю хадою, стаў прама да шыбеніцы і падчас чытання прысуду, дзе яго назвалі дваранінам, гучна прамовіў: “Дваранаў няма, мы ўсе роўныя”. Унутранае яго хваляванне выбівалася вонкі толькі ў тым, што ён як бы машынальна абводзіў навакольны натоўп вачыма, а можа, ён адшукваў там кагосьці са сваіх сутаварышаў, жадаючы даць зразумець яму якім-небудзь знакам, што таямніцу пра іх нясе ён з сабою ў магілу...” Так з годнасцю і адвагай сустракаў смерць у 26 год адзін з найлепшых сыноў Беларусі, які, валодаючы незвычайнымі якасцямі характару, стаўся сапраўдным Месіяй, взваліцелем для беларускага народа.
Марыю не выпусцілі з астрога паглядзець на апошнія хвіліны таго, каму яна была абяцана пры сведчанні людзей і Бога. Летам гэтага ж года яе разам з усёй сям’ёй вышлюць у Сібір. Нямоглых бацькоў і дзяўчат селяць асобна ад брата Юзафа, дапамога якога была ў тых неспрыяльных умовах вельмі патрэбнай. 10 доўгіх гадоў насіла Марыя жалобу па Кастусю, свядома адмаўляючыся ад магчымасці стварыць сям’ю. Нялёгка прыйшлося дзяўчыне, шмат бед і фізічных выпрабаванняў знесла яна, але не паквапілася на мужчынскую сілу ў гаспадарцы, свята захоўвала памяць пра свайго суджанага. Толькі ў 1874 годзе Марыя па вяртанні на радзіму, пасля смерці сваіх бацькоў і сястры Алены з мужам, дае згоду на шлюб з былым ссыльным Войцехам Дмалеўскім. Але памяць пра гады жыцця, прысвечаныя барацьбе і Канстанціну Каліноўскаму, ніколі не пакідала Марыю.
Некаторыя людзі даводзяць, што ўсе падзеі, пачуцці, фантазіі, што некалі мелі месца на зямлі, бясследна не знікаюць, а знаходзяцца вакол нас. Хто ведае, можа, сапраўды да гэтага часу ходзіць непрыкметная сярод нас цень прыгожага і няшчаснага кахання Канстанціна і Марыі.

Каліноўскі
Спатрэбiлiся дзве роты салдат, каб схапiць аднаго чалавека. Была цёмная i снежная ноч 29 студзеня 1864 г. Салдаты абкружылi квартал Святаянскiх муроў i распачалi планамерны вобыск.Чалавек жыў адзiн. Аб яго месцазнаходжаннi ведалi два-тры блiжэйшыя сябры. Каб не здрада – яго нельга было б знайсцi. Ён лiчыў за лепшае рызыкаваць толькi сваёй галавой.калi ўжо здарыцца бяда – хай з яго смерцю перарвуцца галоўныя нiцi падпольных тайн. Але ў горшае ён не верыў. Сам шчыры, просты i адданы справе паўстання, ён верыў у нязломную цвёрдасць людзей, якiя рабiлi з iм адну справу.
Дзве роты салдат i адзiн чалавек. Салдаты абкружалi Свянтаянскiя муры ў Вiльнi. Пачаўся пошук чалавека, якi кiраваў адсюль паўстаннем у Беларусi i Лiтве, не даючы згаснуць полымю. ратаваў самае каштоўнае – сяброў, братоў, людзей. Дамагаўся, каб вясною паўстанне выбухнула зноў...
Чалавек iшоў сходкамi насустрач салдатам, несучы свечку ў руцэ. Так яны i сутыкнулiся. Адзiн нёс святло. Другiя выраслi са змроку.
- Як ваша прозвiшча?
- Вiтажэнец,- спакойна адказаў малады чалавек.
Яго схапiлi за рукi. Агеньчык скацiўся па каменных прыступках. Згаснуў.
Уласна кажучы, гэта быў канец. Бо нi на допытах, нi на судзе чалавек не зрабiў нiчога, каб палегчыць сваю долю. Чалавека павесiлi на Лукiшскай плошчы ў Вiльнi.
Яго звалi Кастусём Калiноўскiм, i за тыдзень да страшнай ночы 29 студзеня яму мiнуў дваццаць шосты год. За  такi час большасць людзей паспявае зрабiць мала. А гэты паспеў стварыць вольную беларускую прэсу, пасеяць насенне  народнага гневу, узрасцiць яго i зжаць пасеў. Спачатку ён кiраваў паўстанцамi Гродзеншчыны, а потым усклаў на свае юныя плечы паўстанне ўсёй Беларусi i Лiтвы. I калi белае панства здрадзiла i пакiнула ўзброены народ, Калiноўскi ўзначалiў яго і неймавернай сiлай волi трымаў гэты цяжар пяць месяцаў.
Што гэта азначала можна ўявiць хоць бы з таго, што супраць паўстанцаў Беларусi i Лiтвы царызм кiнуў 120 тыс. багнетаў i шабель пры належнай колькасцi артылерыi. На аднаго паўстанца было 5 салдат. I гэты адзiны быў дрэнна ўзброены, а ў пяцёх была вывучка, гарматы. I, аднак, людзi змагалiся, Кастусь ствараў сетку арганiзацый i атрадаў. Нават у апошнiя  днi. I гэтыя яго трагiчныя апошнiя часiны, гэтая тытанiчная праца, гэтая мужная ўпэўненасць у тым, што яшчэ не скончана барацьба, гэтая гатоўнасць бiцца да канца, гэтая невычэрпная любоў да волi, да Радзiмы, да дэмакратыi, - робяць асобу Калiноўскага самай трагiчнай i велiчнай у гiсторыi Беларусi, яе нацыянальным героем.[...]
...Калi яго вялi на пакаранне, ён, як i ўсе “чырвоныя”, трымаў кулак левай рукi на тым месцы, дзе бiлася сэрца. Стары ўмоўны знак змоўшчыкаў:  Люблю Беларусь!
Грымелi барабаны. I пад гэты пошчак была зроблена адна з самых чорных спраў, якiя ведала беларуская гiсторыя.
Гэта было 10 сакавiка 1864 г. у дзесяць  гадзiн  трыццаць хвiлiн ранiцы.
Каліноўскі
У біяграфіі слаўнага рэвалюцыянера і публіцыста Кастуся Каліноўскага, асабліва ў апошніх днях яго нелегальнага жыцця ёсць многа нявысветленага, таямнічага. Таму асабліва каштоўным здаўся мне рукапіс Людвікі з Ямантаў Радзевіч “Жменя ўспамінаў з 1863 года”, які захоўваецца ў бібліятэцы Асалінскіх і дагэтуль быў апублікаваны толькі ва ўрыўках. Успаміны напісаны чалавекам аўтарытэтным, дасведчаным і блізкім да легендарнага Кастуся – малодшая сястра Людвікі, Марыя Ямант, была яго нарачонай.
Успаміны Радзевіч праліваюць святло на абставіны той драматычнай ночы, якую Каліноўскі правёў на абледзянелым даху дома, акружанага царскімі жандарамі. Аказваецца, аўтара “Мужыцкай праўды” тады выратаваў ... старшы паліцмайстар Вільні нехта Саранчоў. Вонкава афіцыяльны і грубаваты, ён патаемна памагаў паўстанцам. Аднак дамо слова самой Радзевіч )
Каліноўскі

Дзецюкі!
Мiнула ўжо тое, калi здавалася ўсiм, што мужыцкая  рука здасца толькi да сахi, - цяпер настаў такi час, што  мы  самi можам пiсацi, i то пiсацi такую праўду справядлiву, як бог на небе. О, загрымiць наша праўда i, як маланка пераляцiць па свеце! Няхай пазнаюць, што мы можам не толькi кармiць сваiм хлебам, но яшчэ вучыць сваёй мужыцкай праўды [...]
Ад маскаля* i паноў няма чаго спадзявацца, бо яны не вольнасцi, а глуму i здзерства нашага хочуць. Но не доўга яны нас будуць абдзiрацi, бо мы пазналi, дзе сiла i праўда, i будзем ведаць, як рабiць трэба, каб дастаць зямлю i свабоду. Вазьмемся, дзецюкi, за рукi i дзяржымся разам! А калi паны схочуць трымацца з намi, так няхай жа робяць па  святой справядлiвасцi, бо калi iначай - так чорт iх пабяры!  Мужык, пакуль здужае трымацi касу i сякеру, баранiць свайго патрапiць i ў нiкога ласкi прасiць не будзе.
Гэту "Мужыцкую праўду" напiсаў i зноў пiсацi будзе Яська-гаспадар з-пад Вiльнi.
Мужыцкая праўда №1
Каліноўскі
Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, - но не жаль згінуць за тваю праўду.

Прымі, народзе, па-шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як з таго свету толькі для дабра твайго напісана.

Няма ж, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку. Тагды ён толька магчыме жыці ў багацтве, па праўдзе, тагды ён толька, памаліўшысь Богу, заслужыць неба, калі збагаціць навукай розум, разаўе сэрца і радню цэлу сэрцам палюбіць.

Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Ды пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, - адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу.

Для таго, Народзе, як толька калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду й свабоду, тагды і ты не аставайся ззаду, но ўхапіўшы за што зможаш, - за касу, сякеру, - цэлай грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю родную.

Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.

Твой слуга Яська-гаспадар з-пад Вільні

Слоўнік )


Марыська чарнабрэва

  • Dec. 3rd, 2008 at 6:11 PM
Каліноўскі
Марыська чарнабрэва, галубка мая,
Гдзе ж ся падзела шчасце і ясна доля твая?
Усё прайшло, - прайшло, як бы не бывала,
Адна страшэнна горыч у грудзях застала.
Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці
Дай ў прадвечнага саду вялеў прападаці,
То мы прападзем марна, но праўды не кінем,
Хутчэй Неба і шчасце, як праўду абмінем.
Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю,
Но прымі цяжкую кару, Прадвечнага волю,
А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся,
То я з таго свету табе адазвуся.
Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе.
І часам спамяні пра Яську твайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго.
А калі слова пяройдзе ў дзела,
Тагды за праўду станавіся смела,
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэш, Народзе, старасці свабодна
Каліноўскі
І да нашага кутка даляцела ваша Газэтка, і мы яе з увагай прачыталі; вельмі яна ўсім спадабалася, бо праўда напісана. Прыймеце для таго нашу падзяку, а пісьмо аддрукуйце, каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваёй сіле дабіваціся будуць. Слова наша простае, но зато шчырае; калі яно дойдзе да ронду польскага, адкрые яму нашу грудзь да і пакажа, што па-нашаму рабіці трэба, каб панаванню маскоўскаму не цяпер, то пазней канец ужэ палажыці.
За ўсіх старон маскалі цяпер талкуюць нам без устанку а сваём брацтве з намі )

Latest Month

February 2009
S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728

Syndicate

RSS Atom
Powered by LiveJournal.com
Designed by Teresa Jones